Дні навукі і творчасці кафедры лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання распачаліся акцыяй “Далучы сваю далонь!”, якая прайшла 21 лютага 2015 года ў гонар Міжнароднага дня роднай мовы на педагагічным факультэце.
Міжнародны дзень роднай мовы (International Mother Language Day) быў абвешчаны Генеральнай канферэнцыяй UNESCO 17 лістапада 1999 года і адзначаецца кожны год з лютага 2000 года.
У фае вучэбнага корпуса па вул.Захарава, 32 студэнткі 1 курса Кажанеўская Вераніка і Тарговіч Ганна сустракалі з віншаваннямі ўсіх, хто прыходзіў у корпус у гэты дзень, і прапаноўвалі пакінуць на плакаце маленькую далоньку з подпісам у знак згоды з выказваннем: “Калі ты за тое, што беларус павінен ведаць родную мову, далучы сваю далонь”.
У акцыі прынялі удзел абітурыенты, беларускія і замежныя студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта.
Перад заняткамі ў адукацыйным інавацыйным цэнтры педагагічнага факультэта малодшыя школьнікі таксама далучыліся да акцыі.
Прыняла ўдзел у акцыі і пакінула далонь з подпісам начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аксана Віктараўна Котава.
Старанна падпісвалі далоньку загадчык кафедры лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання І.М.Кавінкіна, дацэнты А.П.Пусташыла, А.М.Лапкоўская, З.М.Тамашэвіч, старшыя выкладчыкі А.К.Гачко, Г.У.Крофта, выкладчык А.В.Бэкман.
З задавальненнем паўдзельнічаў у акцыі кандыдат філалагічных навук Р.К.Казлоўскі.
Пад час акцыі студэнты чыталі вершы пра родную мову, расказвалі пра гісторыю ўзнікнення свята. Практычна ўсіх удзельнікаў зацікавіў верш Віктара Шведа “Мову родную беражы…”
Мову родную беражы.
Мовай роднаю даражы.
Мову родную шануй.
Мовай роднай не гандлюй.
Мову родную любі.
Мову ў сэрцы не губі.
Мовы роднай не кідай.
Пад час акцыі высветлілася, што ва ўніверсітэце з павагай адносяцца да роднай мовы, а словы Пімена Панчанкі: “Кажуць, мова мая аджывае век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне ж яна вечна жывая, як раса, як сляза, як зара.” сталі своеасаблівым эпіграфам гэтага дня.
З нагоды Міжнароднага дня роднай мовы дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання А.М.Лапкоўская правяла адкрытую лекцыю са студэнтамі 5 курса спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя. Сацыяльная педагогіка». У ходзе заняткаў Алена Мікалаеўна прачытала верш Таццяны Дзям’янавай пра родную мову, заставіўшы задумацца: «А ці сталі б народам без мовы мы, каб на свеце яе не было?»