26 кастрычніка 2026 года студэнты 4 курса спецыяльнасці «Пачатковая адукацыя» дзённай формы навучання педагагічнага факультэта сумесна з куратарам групы Святланай Дзмітрыеўнай Грынько наведалі выставу вышытых ікон Галіны Курносавай «Святло, сатканае верай» у Навуковай бібліятэцы Купалаўскага ўніверсітэта.
Здавалася б, тыдзень, які прайшоў пад знакам бацькоўскай любові і да якога было прымеркавана адкрыццё выставы, ужо мінуў і іконы хутка пакінуць утульную чытальную залу бібліятэкі, каб заняць сваё месца ў дамавым храме Каложскай царквы. Аднак лікі Хрыста, Багародзіцы, Пятра і Паўла, Святога Панцелімона ўсё яшчэ прыцягваюць наведвальнікаў сваёй адухоўленай энергетыкай, сатканай з крапатлівай працы іх стваральніцы і боскай ласкі, дзякуючы якой яна пазбавілася ад цяжкай хваробы і пачала вышываць іконы.















