19 лютага 2026 года на педагагічным факультэце прайшло адкрыццё выставы да Міжнароднага дня роднай мовы, назвай якой сталі словы Якуба Коласа: «Трэба любіць, ведаць і шанаваць мову свайго народа і ўмець дасканала валодаць ёю».
Студэнты факультэта мастацтваў і дызайну і псіхалогіі прадставілі свае малюнкі і плакаты, у якіх выказалі сваю актыўную пазіцыю да выкарыстання беларускай мовы. Творчыя працы студэнтаў былі дапоўнены кнігамі на роднай мове, падабранымі для выставы супрацоўнікамі Навуковай бібліятэкі. Шмат кранальных і цёплых слоў пра беларускую мову было сказана намеснікам дэкана па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце педагагічнага факультэта Ю.М. Ермаловіч, дырэктарам Навуковай бібліятэкі М.У. Грынько і самімі аўтарамі работ, студэнтамі факультэта мастацтваў і дызайну.
Пасля адкрыцця выставы ўсе прысутныя былі запрошаны на мерапрыемства «Родная мова – душа народа», якое было падрыхтавана старшым выкладчыкам кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання С.Д. Грынько. Яркія нумары з удзелам як беларускіх, так і замежных студэнтаў педагагічнага факультэта зрабілі гэты дзень па-сапраўднаму святочным і запамінальным.




















